Новости
Ці будуць гродзенскія студэнты з «чыстым» сокам?
Фермерская гаспадарка гатова забяспечваць перапрацоўшчыкаў экалагічнай агароднінай.
У фермерскай гаспадарцы «Гарызонт» пачалі вырошчваць прадукцыю без гербіцыдаў. Для гэтага выкарыстоўваюцца адпаведная тэхніка і навуковы падыход. Тут зацікаўлены ў тым, каб менавіта з гэтай прадукцыі выраблялася як мага больш карысных сокаў і пюрэ. Пакуль аб'ёмы невялікія, таму знайсці партнёраў па перапрацоўцы даволі складана. Але ў гэтай справе ёсць перспектыва: у рэгіёне пачалася работа па стварэнні першага ў краіне аграпарка. Тут будуць прадстаўлены ўсе віды перапрацоўкі на новых сучасных лініях.
Вырошчванне «чыстай» сельгаспрадукцыі — не проста нейкі лакальны эксперымент, а дзяржаўная праграма, якая замацавана заканадаўчымі нормамі. Гэтым шляхам пайшоў і вядомы фермер з Мастоў Генрых Мыслівец, дарэчы, дэпутат абласнога Савета некалькіх скліканняў. Фермерская гаспадарка «Гарызонт» з'яўляецца найбуйнейшай ва ўсім Гродзенскім рэгіёне па вырошчванні агародніны. Цяпер у Мысліўца 720 гектараў раллі, гэта палова сярэдняга калгаса ў раёне. У наяўнасці — сучасная тэхніка, аўтарэфрыжэратары, лініі расфасоўкі і ўпакоўкі агародніны.
Паступова тут пераходзяць на выраб экалагічнай прадукцыі. Гэта можна лічыць важным крокам на шляху да арганічнага земляробства.
— Адразу перайсці на арганіку складана, бо гэта доўгі працэс, таму мы пакуль зменшылі пестыцыдную нагрузку на агародніну. Значная плошча вырошчваецца без гербіцыднай апрацоўкі, якая накіравана на барацьбу з пустазеллем, — патлумачыў фермер. — Гэта дазваляе нашай прадукцыі не траціць імуннасці, бо пры апрацоўцы ёсць нагрузка і на саму расліну. Мы здолелі атрымаць ураджайнасць, напрыклад, экалагічна чыстай бульбы, 300 цэнтнераў з гектара.
Якім чынам? Аказваецца, з дапамогай адпаведнай тэхнікі. У яе распрацоўцы актыўны ўдзел бярэ вядомы навуковец, доктар сельскагаспадарчых навук Аляксандр Аўтка. Прафесар супрацоўнічае з фермерскай гаспадаркай і з'яўляецца заўзятым прыхільнікам экалагічнага земляробства.
— Сёння на глебу трэба глядзець з іншага боку, бо там таксама ёсць жыццё, якое забяспечвае рост раслін. І калі мы зніжаем нагрузку, мы захоўваем урадлівасць глебы. Для гэтага створаны цэлы комплекс машын і агрэгатаў, якія і радкі фарміруюць, і пустазелле знішчаюць. Тэхналогія прыдатна для вырошчвання многіх культур, — адзначыў прафесар.
На яго думку, гэтая работа інтэнсіўна вядзецца ў Гродзенскай вобласці, дзе ёсць і свой аграрны ўніверсітэт, і прадпрыемствы па вытворчасці сельгасмашын. Толькі за апошнія 10 гадоў тут створана каля 20 мадэляў машын для вырошчвання агародніны, аналагаў якім няма ў сусветнай практыцы. Цяпер вядзецца распрацоўка агрэгата, які дазволіць здрабняць рэшткі кукурузы і рапсу і змешваць іх з глебай. Тэхналогія накіравана на сістэму экалагізацыі, падкрэсліў Аляксандр Аўтка, пасля гэтай апрацоўкі глеба дасць «чысты» ўраджай. А такая прадукцыя асабліва неабходна дзецям і моладзі.
— Трэба аздараўляць маладыя арганізмы, — справядліва лічыць прафесар. — І не прывазной прадукцыяй, а той, што сабрана на нашай зямлі.
Яго прапанова — пускаць экалагічную прадукцыю на сокі для студэнтаў. Асноўную частку работы гатова ўзяць на сябе фермерская гаспадарка. Але дзе знайсці партнёраў па перапрацоўцы? У студэнцкіх сталоўках такія аб'ёмы наўрад ці магчыма адолець, ды і санітарныя нормы таксама трэба ўлічваць. Дык як наладзіць сувязі паміж вытворцамі і перапрацоўшчыкамі сельскагаспадарчай прадукцыі?
Між тым перспектыва ў такога кірунку ёсць. У вобласці пачалася работа па стварэнні аграпарка — зусім новай структуры па перапрацоўцы садавіны і агародніны. Навуковай базай стаў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Тут у межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ААН па прамысловым развіцці створана некалькі вытворчых лабараторый, дзе з'явіліся сучасныя лініі перапрацоўкі сокаў, сушылкі, лініі вакуумнай упакоўкі, камеры глыбокай замарозкі. Агульны бюджэт праграмы склаў амаль мільён долараў ЗША.
— Гэта першы крок на шляху стварэння аграпарка, — расказвае загадчыца вучэбна-кансультацыйнага пункта Цэнтра навучання і развіцця Гродзенскага аграпарка Настасся Курпік. — Пакуль мы вучым, кансультуем. Да нас звяртаюцца многія фермеры, каб удасканальваць сваю вытворчасць, знайсці партнёраў. Мы праводзім відэаканферэнцыі, анлайн-кансультацыі.
Тут можна ўбачыць, як працуе сучасная лінія па вытворчасці соку прамога адціскання. Яе магутнасць не такая і малая — да 300 літраў у гадзіну. Магчыма, гэтага хапіла б для забеспячэння студэнтаў ВНУ, але лабараторыя не мае статусу юрыдычнай асобы, каб выпускаць нейкую прадукцыю. Затое патэнцыяльны вытворца можа ацаніць перспектывы такога кірунку і скааперавацца, напрыклад, з тым жа фермерам. Адзін вырошчвае, другі — займаецца перапрацоўкай. Дарэчы, у будучым аграпарку якраз і прадугледжваецца такая магчымасць.
— Наша лінія дазваляе атрымаць сок у вакуумнай упакоўцы, які можа захоўвацца да двух гадоў, а таксама ў шкляной. Мы паказваем, як гэта робіцца. Добра было б, каб мы спажывалі больш уласнай прадукцыі, а не прывазной. Тыя ж сокі будуць больш карысныя, тым больш што цяпер актыўна пачалі вырошчваць ягады, а гэта прадукт, які доўга не захоўваецца без перапрацоўкі, — кажа суразмоўнік.
Міні-завод пакуль толькі дэманструе магчымасці новых тэхналогій, у тым ліку глыбокую, ці «шокавую», замарозку і слабую інфрачырвоную сушку. Але ў будучыні можа з'явіцца цэлы холдынг — канкрэтная пляцоўка, дзе будуць размешчаны невялікія перапрацоўчыя магутнасці. Гэта накіравана яшчэ і на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу. Магчымасцяў тут шмат, і некаторыя фермеры гатовы ўліцца ў будучы кластар менавіта з экалагічнай прадукцыяй. Бо за ёй — будучыня.
Маргарыта Ушкевіч, фота аўтара
Паводле http://zviazda.by/